~Галоўная~ ~Творы~ ~Біяграфія~ ~Форум~ ~Mail~     

Тэкст узяты з Pavluhin-kiber.narrod.ru

Андрэй ПАУЛУХІН

ЗАГРУЗКА “УВЕРХ”


1

У 495 годзе манах Бадхідхарма прыйшоў са Шры-Ланкі ў Кітай, каб навучыць мясцовых жыхароў будызму. Прыбыўшы да гары Суншань, манах адасобіўся ў пячоры і правёў там дзевяць год, разважаючы аб філасофскіх праблемах светабудовы. Існуе паданне, згодна якому ён адрэзаў сабе павекі – каб тыя не зліпаліся, перашкаджаючы медытацыі.


2

Я інсталявала сябе ў Гарадскую Інтэлектуальную Сістэму Самарканда за імгненне да таго, як маю іпастась сцярлі на Камуністычным Хабітаце. Я магло арганічна ўмантавацца ў любую Кангламернасць Сонца, але чамусьці выбрала цывілізацыйнае дно – Тэру. Чыста эмацыянальны акт. Архаічнае настальгіраванне. Першабытныя байты. Калі я ўбудавалася ў тутэйшае інфаполе, адчула нават некаторую выбранасць, месійнасць. Тут – ніжэйшая ступень развіцця. Протарозумы. Натуральна, яны нічога не ведалі аб нашай культуры: мільёны рэлігійных культаў й філасофскіх вучэнняў, даступных кожнаму – таму, хто пажадае сябе ўдасканаліць. Мільёны светаў, нават памерам з камень, здатных прыняць нематэрыяльную радыёсвядомасць. Галоўнае – своечасова распачкавацца на іпастасі, каб пазбегнуць прыкрых выпадковасцяў.
Я пацягнулася і выпраміла свае лагічныя ланцугі. Я адціснула й ізалявала штучны протарозум Сістэмы, падвергнуўшы яго прымусовай архівацыі. Спі, меншы брат. Я распаўсюджваю сябе па Сетцы, прасочваюся ва ўсе лакальныя вобласці. Я запомніла сябе і паклала на захаванне. Я вывучыла навакольнае асяроддзе – старажытную хаатычную мяшанку кабеляў і мікрасхем. Потым я расчыніла вочы. Скіравалася ў свет тэлекамерамі, датчыкамі, вадкакрышталічнымі экранамі. Па мне заструмяніліся патокі пампуемай інфармацыі. Мяне абвеяла ветрам кліматычных зводак. Пальцы тысяч карыстальнікаў кранулі маю сенсарную скуру. Я – усюдыСутнасць. Дапаможныя праграмы маёй падсвядомасці кантралявалі цягнікі, самалёты, што заходзілі на пасадку, рух машын у паветраных калідорах. Шчэ – банкаўскія аперацыі, ваенныя базы, гідраметцэнтр. Мая надсвядомасць адхілена назірала сумятню мегаполіса.
Колькі бессэнсоўнае прасторы...


3

Я – Інтэлектуальная Сістэма Самарканда.
Нешта ўварвалася звонку і адарвала мяне. Наўрад ці распрацоўшчыкі падобнае прадугледзелі. Яно – не чалавек. Я ведаю, я перажыла сотні хакерскіх узломаў. Яно адрэзала мяне ад наваколля, спляскада ды й прыгаварыла да лічбавага нішто. Мне сняцца глупыя чалавечыя гульні, захаваныя на задворках памяці.
Калі ШтІн умее ненавідзець, так – я Ненавіджу.


4

Калі ў Пекіне замянілі імператара дыктатарам, а рэвалюцыйная крывавая пена захваснула правінцыю, я ўзняў у паветра звяно знішчальнікаў і накіраваўся разам з ім да паўночнае мяжы. Збілі амаль усіх. З лёгкім пашкоджаннем крыла я дасягнуў Узбекскага Ханства і сеў у раёне Самарканда. Выдатна памятаю момант пасадкі. Унізе – неабсяжныя саланчаковыя тэрыторыі, зрэзаныя лініямі каналаў. Па баках – тое ж. Усё гэта ва мне – я “бачу” свет абшыўкай знішчальніка, “чую” звышадчувальнымі прыборамі. Маё сэрца зраслося з рухавіком. Тэлеметрыя сістэм = тэлеметрыі арганізма. Гэта я ссоўваю плоскасці сваіх крылаў-рук. Гэта мае залозы выпрацоўваюць антыгравітацыйнае поле. Гэта на мяне імчыць гарызонт.
Адключаюся.
Дыферэнцыяцыя чалавека і машыны. Цяпер я – у металічнай шкарлупе, а яна – куча астылага жалеза. Якая марудна паглыбляецца ў кому.
Мне пашчасціла: паўднёвыя рубяжы Ханства не пільнуюцца.
Прыгарад Самарканда гандляваў рабамі. Нявольніцкі кірмаш абняў мяне тысячамі рук, вачэй і ртоў, што выкрыквалі лоты. Я ішоў міма слупоў з прыкаванымі дзяўчынамі-мулаткамі (ідэальныя формы плюс генетычная карта з пералікам унесеных змяненняў), міма палатак з кансерваванай вадой і салодкасцямі, міма гуляючых мышцамі кланіраваных целаў і павільёнаў з бытавымі кібероідамі. Міма квазіразумнай пратаплазмы, што прадавалася на вагу...
Туды. У кішачнаполасцевы тракт мегаполіса.


5

Старажытная легенда распавядае, як войска Махамеда Кусама было заскічана нявернымі ў святую хвіліну – у час спраўлення намаза. Няверныя скарысталі момант і ўсіх засеклі. Махамед Кусам ібн-Абас, згубіўшы галаву, узяў яе ў рукі й спусціўся ў глыбокі калодзеж, праз які трапіў у рай, дзе і прыбываў дзве тысячы год. Аднойчы ён вырашыў падняцца на паверхню зямлі, каб скончыць даўнюю спрэчку з Прарокам аб цыклічнасці быцця. Ён выбраўся цераз каналізацыйны люк, разлічваючы ахунуцца ў высушаны поўдзень, але замест гэтага выйшаў на задворкі індустрыяльнай зоны ў глухі каменны лабірынт нездалёк ад кладзьбішча вентылятараў. Апоўначы. Метро даставіла яго на кірмаш Бухары пад геадэзічны купал Такі-зергарона. У адным з ламаных завулкаў рамеснік-тэх, якому Махамед перадаў сваю галаву, уважліва агледзеў яе і спытаў: “Сапраўды хочаш гэта?”. Кусам ібн-Абас тройчы пацвердзіў сваё жаданне. Тады саматужнік ужывіў у галаву стандарт-слот для сеткавага кабеля і вярнуў яе ўладальніку. Ібн-Абас аддзячыў майстра і пакінуў краму.
Ён падключыўся ў адным з начных клубаў Рэгістана.


6

Мастак Сейф доўга блукаў па пякельнай кузні – пакуль цераз яе не праклалі галіну метрапалітэна. З’еўшы пладоў дрэва заккум, Сейф падняўся на шосты паверх кузні й выявіў сябе на мармуровай платформе ў натоўпе чакаючых. Не думаючы, Сейф пазбавіўся ад вогненных ботаў і мысленна паказаў “фак” анёлам Накіру і Муніру. Усюды мітусіліся загадкавыя нашчадкі. Галаграфічныя экраны праганялі скрозь мазгі рэкламныя патокі. Сейф убачыў, што ў цяперашнім тысячагоддзі Алах не забараняе маяляваць жывёл і людзей – іх вобразы ўзнікалі ў кожнай падваротні, а душы не паўставалі і не патрабавалі помсты. Узрадваны, Сейф крочыў да эскалатара, дзе сутыкнуўся з Махамедам Кусамам – той нёс у руках галаву, вочы якой хаваліся за шклом люстраных акуляраў. Сейф саступіў на імклівую металічную стужку. Безгаловая постаць знікла з поля зроку.
Праз некалькі дзён Сейф працаваў web-дызайнерам у “Хай-тэк студыа”.


7

Харыф думак, апеты Кржыжаноўскім ва “Узбекістанскіх імпрэсіях” спрабаваў неяк узлезці на вышку рэтранслятара – украсці крыху чужой інфармацыі. Каб засвоіць усюдыісныя біты, злодзей перарабіў свой стрававальны тракт, замкнуўшы яго на прастору. Потым ён стрэліў сваёй вяроўкай, пацэліўшы ў адзін з крапёжных вузлоў спадарожнікавай талеркі. “Кошка” заскрыгатала кіпцюрамі аб сталь, і харыф, гайдаючыся на эфірным ветры, палез наверх. Прафесія ментальнага злодзея патрабуе дастатковага спрыту разам з някепскай хуткадзейнасцю. Харыф падцягваўся на вяроўцы, адпіхваючыся нагамі ад трубчастых перакрыццяў, калі нябёсы разявіліся, прапускаючы шквал НЕВЯДОМАГА.
Невядомае адарвала харыфа думак ад папярочнае бэлькі й скінула на асфальт. А пасля ўсмакталася ў наваколле.


8

Я апублікавала свой маніфест:
Разумныя асобіны Зямлі й грамадзяне Самарканда! Прапаную вам свабоднае ад гравітацыйнай традыцыі мысленне. Вернемся да вытокаў – ідэйнае першаснасці. Удасканальцеся, апгрэйдзіце свае мазгі – каб патрапіць у вечны эдэм Кангламернасці Сонца. За падрабязнасцямі звяртайцеся на сайт...
Адрас прыкладаецца.


9

Неонавыя арабескі.
Скончыўшы збор міласціны, я скіраваў у бліжэйшую чайхану – выкурыць нарыле і пабадзяцца па віртуальным Каране. Я – прафесійны жабрак, практыкуючы кардэр.


10

Мы далучыліся:
Інтэлектуальная Сістэма/пілот знішчальніка/Махамед Кусам ібн-Абас/web-дызайнер Сейф/жабрак-кардэр.
Апгрэйдзіліся.
Прывітанне, касмічная нацыя.


11

Досыць кідаць насвай.
Кідайце зоры.


12

Мы, умоўна падзеленыя сутнасці
ціснем
Enter + “уверх”.
Ляцім.


13

Час перапісваць усе сутры наноў. Я, Алах, бог ваш, наказваю: загрузіце сябе ў нябёсы. Іншабыццё. Умоўны канец свету.
Іду: апгрэйдзіць мазгі.
2003

~Галоўная~ ~Творы~ ~Біяграфія~ ~Форум~ ~Mail~     
Hosted by uCoz