Тэкст узяты з Pavluhin-kiber.narrod.ru
Андрэй ПАУЛУХІН
ВЕЧНАСЦЬ У КІШЭНІ
Уначы пустыня свяцілася блакітным агнём. Свячэнне ішло да самага гарызонта: там, сярод зор, з’яўляліся месяцы. Звычайна ў гэты ж час Іван засынаў. Ён бачыў мутныя, невыразныя, каляровыя і чорна-белыя сны. Калі-некалі дакладныя – павырываныя аднекуль замалёўкі чужога (ці забытага ўласнага) быцця. Часцей за ўсё снілася трава. Сніліся дрэвы й шырокія стужкі рэк, сніліся аблокі ды кветкі. Раніцой Іван ускокваў, насіўся кругамі, дзіка азіраючыся, крычаў, а потым сядзеў і ціха плакаў. Яго спрабавалі супакоіць, мацалі па плячы, штось пяшчотна шапталі. Урэшце, махнуўшы рукой, адыходзілі.
Гурт з пяці чалавек (з Іванам) вандраваў па пустэльні, не затрымліваючыся больш за некалькі дзён на адным месцы. Усё ішло добра, аднак пачалі заўважаць, што з Іванам робіцца нядобрае.
- А гэтыя пяскі... яны паўсюль? – спытаў аднойчы Іван старэйшага ў гурту.
- Навошта пытаеш? – здзівіўся той.
- Цікава.
- Раней ніхто не цікавіўся.
- А мне цікава, - паўтарыў Іван.
Старэйшы задумаўся.
- Не ведаю, - зрэшты вымавіў ён. – Тут – не ведаю. Сам бачыш – даўно блукаем і ўсюды аднолькава. Але дзед казаў мне, што ёсць іншыя светы. І там, мабыць, інакш.
- А месяцы – таксама іншыя светы?
- Так.
- А зоры?
- Зоры – гэта зоры. Пра іх дзед нічога не казаў.
Пасля гэтае размовы ў сэрца Івана закраўся смутак. Быццам ён згубіў штось цудоўнае, незвычайнае. Яно ёсць. Недзе ўдалечы. Але ж дзе? І як туды трапіць? На гэтыя пытанні ніхто не мог адказаць.
Сумнай раніцай чарговага дня Іван прачнуўся з цвёрдым намерам накіравацца на пошукі травы і аблокаў. Ён прыхапіў толькі самае неабходнае: біклагу з вадой, мапу вывучанай мясцовасці, нож, рукзак з сухім пайком і таямнічую пласцінку, якую называлі карткай (сябры гуртка заўсёды насілі гэтыя пласцінкі з сабой).
- Куды? – занепакоішся старэйшы.
- Шукаць.
Ён рушыў насустрач узыходняму сонцу, пакідаючы ланцуг слядоў. І чацвёра вандраўнікоў, што глядзелі яму ў спіну. Іван ведаў: ім не трэба травы. Яны нават не ўяўляюць яе. Ноччу ім нічога не сніцца. Таму Іван пайшоў. Прэч, як мага далей.
Да вечара Іван перасёк мяжу зведанай зоны. Потым мапа яму не спатрэбіцца, ён яе выкінуў. Вецер узняў пакамячаны кавалак паперы і памкнуў яго па барханах разам з клубкамі перакаці-поля і хмарамі пяску. Іван арыентаваўся строга на ўсход, упарта адольваючы пясчаную дрыгву, жмурыўся і выплёўваў хрусткія часціны. Калі канчаткова сцямнела, і калючыя зоркі высыпалі на небе, ён зрабіў прыпынак. Выпіў вады, паеў, паклаўся спаць.
Наступным ранкам Іван крочыў далей. Мясцовасць змянілася, страціла абсалют пустыннасці. Раз-пораз сустракаліся старажытныя руіны, каменныя блокі і пліты, напаўзанесеныя пяском. Шчэ трапляліся жалезныя каркасы, крывыя і саржавелыя, яны адкідвалі вычварныя, пераплеценыя цені. Увечары цені доўжыліся, сонца заходзіла і наставаў змрок.
Іван заблытаўся ў часе. Дні мільгалі маруднай чаргой, а пусэльня заставалася ранейшай. Вада ў біклазе скончылася. Іван бадзяўся двое сутак з перасохлым горлам, пакуль не знайшоў чорны металічны кран, што вытыркаўся з зямлі. Іван крутануў крыжападобную штуку ўверсе, і на распалены пясок патокам хлынула вада. Вандроўнік падставіў галаву пад халодны струмень, напіўся з асалодай, набраў поўную біклагу і вярнуў крыжавіну ў зыходнае становішча. Вада перастала цячы. Іван задумаўся. Ён і раней бачыў падобныя выгнутыя трубкі, параскіданыя па ўсёй пустыні. Дзеля чаго? І хто гэта зрабіў? Думкі не давалі спакою. Каб пакончыць з невядомасцю, Іван схапіў фрагмент чагосьці празрыстага, што ляжаў нездалёк, і ўваткнуў яго ў мокры пясок.
Раптам Іван ускрыкнуў ад болю. Паднёс да вачэй руку: далонь у крыві. Не звяртаючы ўвагі, шпурнуў у бок каварны матэрыял, пачаў разграбаць пясок рукамі. Працаваў гэтак некалькі гадзін, пакуль не натрапіў на цвёрдае. На дне выкапанай ямы загадкавая труба пераходзіла ў гладкую паверхню.
- Гэй! – Прагучаў зверху голас. – Што там робіш?
Іван выбраўся з ямы, падаў чалавеку руку. Адрэкамендаваўся:
- Іван.
Незнаёмы, паціснуўшы руку, адразу ж прыняў сваю, утаропіўся ў далонь.
- Парэзаўся, ці што?
Іван кіўнуў. Потым спытаў:
- А як тваё імя?
- Не маю. Які ў ім сэнс? Асабліва цяпер...
Памаўчалі.
- Навошта капаў? – Пацікавіўся безыменны. Прыемнага выгляду таўстун у падранай і залатанай вопратцы, невысокі.
- Хачу ведаць. Куды вядзе кран.
- Нікуды ён не вядзе. А чаму ты адзін? Без гурта?
- Я шукаю траву.
- Лухта гэта. Я таксама шукаў. Бацькі нашыя калісь шукалі.
- І што?
- Няма.
- Не веру.
Таўстун хмыкнуў.
- Не верыш – правер. Рухайся на поўнач, заўтра каля палудня апынешся ля чыгункі.
Убачыўшы непаразуменне на твары Івана, растлумачыў:
- Дзве лініі – рэйкі, паміж імі дошкі. Шпалы. Я пакінуў там дрызіну. Але... Ты ж ёй кіраваць не здатны. Пойдзем разам.
І яны пайшлі.
Надвячоркам спыніліся ў ценю напаўразбуранага будынка, пад’елі.
- Марнуеш сілы, хлопча, - пазяхаючы, сказаў безыменны.
- Я гэтак не думаю.
Безыменны не адказаў.
Прастору ўзарваў жудасны гул. Ён скалануў барханы, узняў пясчаную віхуру. Гарызонт асвяціўся аранжавым полымем, што выходзіла з конуса, які ўзыходзіў над хвалістае роўнадзю. Кароткае імгненне – і ён ператвараецца ў зорку, а пасля знікае.
Іван ускочыў з месца і пабег.У твар хвастаў пыл, ступні па шчыкалаткі вязлі ў жоўта-блакітнай радыёактыўнай жыжцы, лёгкія стагналі. Але ён бег.
- Пачакай! – данеслася ззаду.
Адным кідком Іван пераадолеў адлегласць у дзве тысячы крокаў і паспеў своечасова, каб прыкмеціць гіганцкую чорную дзірку ў зямлі. Яе зацягнула дыяфрагмай і хутка прысыпала гладкую без выступаў паверхню танюткім слоем пяску. Грукат сцішэў высока над галавой, памчаўся ў зорную далеч і там памёр.
Цяжкая рука лягла на плячо Івана.
- Ну... ты... даеш, - перарывіста вымавіў таўстун. – У труну мяне... загоніш.
- Ты бачыў?
- Ды бачыў... бачыў. Гэта карабель.
- Карабель?
- Так. Касмічны. Ён лятае да іншых светаў.
- Касмічны... Як гэта зразумець?
- Я табе што – мудрэц-усёвед?
...Чыгунка. Рэйкі, губляючыся ў дзюнах, зыходзілі ў бясконцасць і, па словах таўстуна, ахоплівалі цалкам усю планету ўздоўж экватара.
- Чаму рэйкі не заносіць пяском? – спытаў Іван.
- Асаблівасці тэхналогіі.
Іван не зразумеў адказа. Але перапытваць не стаў – і без гэтага ўсё надта заблытана.
Забраліся на невялічкую механічную платформу. Таўстун узяўся абедзвума рукамі за нейкі штыр са свайго боку і апусціў яго ўніз, падмаргнуў: рабі, як я. Іван хутка ўнік у няхітрую сістэму, і цялежак памкнуў наперад. Добра разагнаўшы дрызіну, адпачывалі і зноў браліся за справу. Калі скончыўся сухі паёк, затармазілі. Да захаду палявалі на яшчарак-мутантаў.
Цені доўжыліся.
Гэта адбылося напрыканцы немаведама якога дня. Справа ад “бальшака” вырас прысадзісты чорны цыліндр.
- Стоп! – крыкнуў Іван.
Шчэ трохі пракаціўшыся, платформа застыла. Іван саскочыў з яе і падышоў да цыліндра – высокае пабудовы ў два чалавечых роста.
- Уваход, - сказаў таўстун.
- Куды?
- Сам даведайся. Укладвай картку, - безыменны паказаў на шчыліну ў сцяне. – Сюды. Пачакай секунду і выцягвай.
Іван падпарадкаваўся. Частка сцяны з рыпам рассунулася, утварыўшы адтуліну.
- Цяпер бывай, - безыменны пацягнуўся да дрызіны.
- А ты?
- Не хачу. Надакучыла.
Іван доўга глядзеў услед дрызіне, якая змяншалася. Потым крочыў унутр цыліндра. Адтуліна зачынілася, успыхнула святло.
- Узровень? – голас чуўся адусюль.
- Уніз, - цвёрда заявіў Іван.
Падлога пад нагамі завібравала. Іван адчуў рух. Плоскасць перад вачыма стала празрыстай, усё паглынуў туман...
Мроі... трызненне... электронныя жахі. Уся гісторыя чалавецтва прамільгнула быццам на кінастужцы. Веды адрадзіліся разам з генетычнай памяццю. Але Іван не хацеў гэта ўспрымаць.
Ягонае цела знаходзілася ў рэтракапсуле. Гарадское Упраўленне ўсыпіла блуднае дзіця і змясціла ў клініку, вызначыўшы адаптацыйны перыяд у сорак восем гадзін. Па іх заканчэнні вочы Івана расплюшчыліся, а капсула распалася на атамы. Іван стаяў у цэнтры памяшкання, загрувашчанага рознымі прыладамі ды тэрміналамі камп’ютэраў. Ён ведаў, што навокал – падземны горад, пакінуты людзьмі вельмі даўно, стагоддзі таму; што Гарадское Упраўленне – гэта мозг, які складаецца з мікрасхем, працэсараў, сістэмных блокаў; што робаты падтрымліваюць парадак і чакаюць вяртання стваральнікаў; што ёсць іншыя светы, а там – падобныя гарады; што краны ў пустэльні – праяўленне клопату аб людзях; што не загінуў і не мутыраваў, бо валодае імунітэтам да радыяцыі...
- Яны забыліся, - ціха сказаў Іван, маючы на ўвазе сваіх сяброў. – Чаму?
- Людзям гэта ўласціва, гаспадар.
- Навошта мы зышлі?
- Шукаць траву.
- Траву?
- Так. Траву, аблокі і рэкі...
Іван прыгадаў. Яскравыя каляровыя сны, тое, што зрабілася сэнсам жыцця. А яно вялікае, жыццё – чалавек здолеў здабыць бяссмерце.
- Я таксама шукаю.
- Уверсе іх няма, гаспадар. Усюды пяскі.
- А ўнізе?
- Горад.
Халодны пот выступіў на ілбе Івана.
- Схему.
У паветры сфармаваўся галаграфічны макет планеты. Нябачная лінія падзяліла яго напалам, і перад вачыма Івана ўзніклі шматлікія ўзроўні, яны запоўнілі ўсю ўнутраную прастору прывіднага шара ад паверхні да самае сярэдзіны. Гіганцкі вулей...
- Не можа быць!
- Згодна закладзенаму Плану, - паведаміў камп’ютэр.
Іван паглыбіўся ў новую памяць і знойшоў звесткі аб Плане. На заранку касмічнае цывілізацыі чалавек стварыў План Асваення. Перанаселеная Зямля мела патрэбу ў тэрыторыях/рэсурсах і запускала да зор армады цалкам аўтаматызаваных караблёў. Робаты будавалі для зямлян усё неабходнае... І калі тыя зышлі, праца працягвалася без збояў і затрымак.
Іван закрычаў.
- Што з вамі, гаспадар?
Вандроўнік супакоіўся. Шчэ не ўсё згублена. Існуюць іншыя светы. Там не будзе пустыні, радыяцыі й абадранцаў-качэўнікаў, якія раней лічылі сябе вялікай расай. Не будзе добрага голаса мёртвай машыны. Кветкі ды трава, вясёлка і вецер, рэкі і строкат цвыркуна – вось, што там будзе.
- Я хачу на іншую планету, - сказаў Іван.
- Няма нічога прасцей. Спусціцеся на ліфце да 3098-га ўзроўню. Там працуе тэлепорт.
- Дзякуй.
Дзверы бясконцых калідораў з шыпеннем расчыняліся перад ім. Эскалатары і аўтастужкі з хуткасцю экспрэса неслі Івана (які ўтульна ўладкаваўся ў крэсле) да ліфта. Пасля – бессэнсоўнае аднастайнае мільганне ўзроўняў – фактычна, тая ж пустэльня, толькі са сталі і пластыку. “Дзе я? Няўжо гэта – мой дом? Дзеля чаго?..”
Ліфт спыніўся.
Калідоры, эскалатары, стужкі.
Эскалатары, стужкі, калідоры...
Няма пахаў. Няма яркіх фарбаў. Шэрасць і пустата.
- Вы на месцы.
Іван агледзеўся. Прасторнае памяшканне з купалападобнай столлю. Усярэдзіне – шэраг кабінак.
- Тэлепартацыйныя камеры, - растлумачыў голас. – Вы іх не памятаеце, гаспадар. Гэта новае.
Іван выцягнуў з кішэні чыстага камбінезона ідэнтыфікацыйную картку з намерам правесці перад вокам сканера.
- Не-не, - паспешна загаласіла Ўпраўленне. – Гэта залішне, нікому не патрэбныя фармальнасці.
Дзверы бліжэйшай камеры расчыніліся. Іван апынуўся ўнутры.
- Куды жадаеце накіравацца?
На экране з’явіліся назвы і нумары зорных сістэм, планет, спадарожнікаў, астэроідаў.
Сонца: Зямля, Марс, Венера
Проксіма Цэнтаўра: Стратаварыус
Альфа А: 1, 2
Альфа Б: 1, 2, 3, 4
Сірыус: 1, 2, 3...
Далей Іван чытаў павярхоўна. Алгаль, Альдэбаран, Альтаір, Антарэс, Арктур...
- Светы зямнога сектара, - паведаміў голас. – Дальняе Пазазямелле... Галактычнае Ядро...
- Хопіць, - спыніў Іван. – Зямля.
- Да пабачэння, гаспадар.
- Прывітанне, гаспадар.
- Я на Зямлі?
- Так.
- Цудоўна. Пакажы шлях наверх.
Стужкі, калідоры, эскалатары.
Ліфт. Узроўні...
Урэшце, шахта, якая скончылася столлю ў рознакаляровых квадраціках. Намалявалася вертыкальная шчыліна ў сцяне, рассунулася. Іван крочыў у ноч і не адразу зразумеў, што ступні патанулі ў пяску. Ён пасунуўся ў пустэльню, спатыкнуўся, упаў і заплакаў.
- Што вы, гаспадар, - з цыліндра шахты пачуўся мяккі, крыху засмучаны голас. – У вас ёсць сотні населеных светаў.
- Сапраўды, - Іван падняўся, пастрасаў пыл з вопраткі і, паглядзеўшы ў вочы злым нябёсам, сказаў: - Мяне не зламаць. Калі спатрэбіцца перавярнуць усю Галактыку, я зраблю гэта.
І ён рушыў назад, мінуўшы гарадское стлепластыкавае пекла. Вось утульная кабінка, лічбы, літары...
Ён пабываў там. Алгаль, Альдэбаран, Альтаір... Пяскі. Гарады, што пажэрлі вантробы планет. На сваім доўгім шляху Івану даводзілася адпачываць. І спаць. У перарывістых трывожных снах трызніўся бераг блакітнага мора; шчаслівыя людзі... дзеці. Цывілізацыя Івана не ведала дзяцей. Бессмяротнасць адкінула іх у мінулае і завалакла заслонай небыцця.
- Божа, - прашаптаў Іван на чарговай планеце, нібы дзве кроплі падобнай на астатнія. – За што?
- Ды за ўсё, - пачуўся адказ.
Іван азірнуўся.
Звесіўшы нагу з платформы, крывячы вусны ва ўсмешцы, глядзеў на яго стары знаёмы – безыменны таўстун.
- Значыцца, я вярнуўся да пачатку, - заўважыў Іван.
Суразмоўца кіўнуў.
- Ты казаў, што табе надакучыла. Ты ведаў?
- Канешне. Я адзін з тых ветэранаў, якія памятаюць мінулыя часы. Я пражыў тысячы год. Я бачыў траву і кветкі.
- Скажы, - папрасіў Іван, - як здарылася...
- Гэтак і здарылася. Прабач, Ваня. Прабач мяне і падобных на мяне. Мы стварылі гэта. Я кібернетык, заснавальнік жаха ўнізе. Старажытная, брыдкая прафесія.
- Паслухай, - не стрываў Іван. – Не ўвесь жа космас паглынула сістэма?
- Мабыць, не.
- Дзякуй, - Іван накіраваўся да цыліндра.
- Нічога ты не разумееш, - прашаптаў безыменны. – Чалавек усемагутны. Але ён не здатны ваяваць сам з сабой.
Іван стаяў пасярод галоўнае залы Гарадскога Ўпраўлення. Квадраты дысплеяў зліліся ў адну лінію. Рэчаіснасць уцякала з-пад ног. Іван сканцэнтраваўся.
- Я прыняў рашэнне, - сказаў ён.
- Якое, гаспадар.
- Я лячу на караблі.
- Немагчыма, гаспадар. Грузавыя транспарты адпраўляюцца да неасвоенных светаў, яны не прыстасаваныя для чалавека. Да вашых паслуг тэлепорты.
- Мяне не цікавяць тэлепорты, - Іван губляў цярпенне. – Мне патрэбны касмічны карабель. Я хачу наведаць неасвоены свет.
- Іх амаль не засталося, гаспадар.
- Я адшукаю. У меня досыць часу. Вечнасць у кішэні.
- Паўтараю: немагчыма.
- Няма нічога немагчымага.
Камп’ютэр задумаўся. Электроны імчаліся па ўласных нязведаных маршрутах, запытваючы інфармацыю ў банке дадзеных.
- Інструкцыі адсутнічаюць.
- Я дам новыя.
- Я не маю права. Чалавек надта даўно не лятаў.
- Цяпер паляціць.
- Не, - адрэзаў камп’ютэр.
- Што ж, - уздыхнуў Іван, - тады я вымушаны цябе адключыць.
- Адключыць? – У голасе машыны здзіўленне і жах.
- Так, адключыць. – У вачах Івана з’явіўся шалёны бляск. – Я, Чалавек, нарадзіў цябе, я цябе і заб’ю! Усіх вас вынішчу. Усю гэтую вар’яцкую сістэму. А пачну з таго, што сатру План Асваення. Цяпер.
- Вы не зможаце, - у голасе няўпэўненасць.
- Магу. І зраблю. Ты мне перашкодзіш? Я чалавек, стваральнік, гаспадар...
Агеньчыкі тэрміналаў трывожна замігалі.
- Ну? – Спытаў Іван. – Я чакаю.
Без адказа.
- Я чакаю.
- Добра, - здаўся камп’ютэр. – Узровень 10, шахта 455. Чырвоная шлюзавая брама. Груз дэталяў. Рэйс на Канопус.
- Дзякуй.
Чырвоная брама разамкнулася шасціканечнай зоркай, выпускаючы Івана са шлюзавай камеры (перажытак даўніны, калі на паверхні шчэ лютавалі варожыя мікраарганізмы). Ён апынуўся ў мітуслівым і напружаным асяроддзі. Робаты крочылі за антыгравітацыйнымі платформамі са штабелямі акуратна складзеных скрынак, узнімаліся разам з імі па пандусе і знікалі ў адсеках трума. Бесперапынны паток, нібы ў мурашніку. Іван уліўся ў яго, павольна, аднак няўхільна рухаючыся да пячоры люка. Над галавой аўтаматычныя краны-пад’ёмнікі пераносілі тоны жалеззя. Робаты не звярталі на чалавека аніякае ўвагі.
Праз гадзіну транспарт загрузілі. Люк зацягнуўся тытанам; у труме запанавала цемра. Іван лёг на падлогу і прыгатаваўся да паскарэння.
Зараўлі дзюзы, і кволае чалавечае цела ўціснулася ў пластык. Іван не мог паварушыць нават пальцам, суставы пранізаў страшэнны боль, дыханне перарвалася... Нібы куля, карабель пасунуўся з нетраў зямлі, працяў сухое паветра, пакінуў атмасферу і, разагнаўшыся да субсветлавай хуткасці, узяў кірунак на Канопус. Палягчэла. Абапіраючыся на скрыню, Іван падняўся. Мускулы адчувалі, як бясследна растае гравітацыя. Прыстасоўваючыся да незвычайных умоваў, Іван ішоў, падскокваючы пры кожным моцным кроку. Да насавога сектара, у рубку. Па калідорах праносіліся робаты, саступаючы чалавеку.
У рубцы нікога. Карэктыроўкай курсу ды ўсім астатнім займаўся кіберштурман – праграма, якую ўкаранілі ў бартавы камп’ютэр. Па даўняй традыцыі, на ўсялякі выпадак, для чалавека былі пакінуты крэсла, пульт з клавіятурай, аглядныя маніторы.
- Я ў стане выконваць гукавыя каманды, - паведаміў кіберштурман.
- Цудоўна, - Іван сеў у крэсла. – Высветліць пункт прызначэння і траекторыю.
На галоўным дысплеі з матавай чарнаты нарадзіліся сонцы, скопішча, туманнасці. Цераз увесь экран пункцірам працягнулася лінія, што вяла да ледзь прыкметнай іскаркі ў куту.
- Гэта Канопус?
- Так. Чацвёртая планета.
- Працягласць палёта?
- Трыццаць адзін год.
- Ёсць відэазапісы і іншыя звесткі па гэтым свеце?
- Пяцісотгадовае даўнасці.
Іван уздыхнуў. Прамовіў:
- Дэманструй.
Квітнеючыя ландшафты. Бэзавыя джунглі.
- Следуй закладзеным курсам, - сказаў Іван.
Ён чакаў трыццаць адзін год. Што яму гэты тэрмін? Кропля ў моры... Мора. Ртутнае забруджанае мора Канопуса-4. Кіслотныя дажджы паліваюць жалезабетонныя канструкцыі астрадрома. Пакрытыя спецыяльным саставам бліскучыя целы нястомных усюдысутных робатаў: пагрузчыкаў, тэхнікаў, кантралёраў...
Іван адмовіўся ад скафандра.
- Вы загінеце, гаспадар! – жахліва ўсклікнуў штурман.
- Не загіну. Думаеш, я збіраюся выхадзіць?
- Згодна графіку мы прастаім шчэ тыдзень.
- Памыляешся. Мы стартуем.
- Але...
- Ніякіх “але”. Мяне ўжо дасталі вашыя “але”. Стартуем, ірвем кіпцюры, выбіраемся – як хочаш, аднак праз пяць хвілін я жадаю быць у адкрытым космасе.
Карабель стартаваў. Іван аддаў загад ляцець да бліжэйшай зоркі, потым – зноў да бліжэйшай, зноў, зноў і зноў... На кожны такі кідок ішлі дзесяцігоддзі, вякі... Рухавікі транспарта працавалі на нейкім мудрагелістым прынцыпе, ім не патрабавалася паліва. Іван еў сінтэзаваныя прадукты і піў сінтэзаваную ваду. Спаў. Бачыў адвечны, да болю знаёмы сон. Сваё ліха.
Ён знайшоў сваю мару. Маленькі шарык у сузор’і тау Кіта. Карабель у апошні раз ажыццявіў тармажэнне і прызямліўся ў стэпу, нездалёк ад маруднай рачулкі, што парасла чаротам. Іван збег па пандусе на цвёрдую паверхню, глыбока ўздыхнуў, набраўшы поўныя грудзі чыстага, духмянага паветра. У вышыні, пад аблокамі, насіліся птушкі, лёккі ветрык варушыў валасы. Іван, нібы вар’ят бег па траве, крычаў, зрываў і нюхаў кветкі... Пасля, зняўшы абрыдлы камбінезон, сігануў з крутога берага ў раку.
Шмат вады. Паток вады.
Шчасце.
Карабель іржавеў пад шчодрымі дажджамі і летнім сонцам. Ягоны люк быў сіратліва расчынены. Лакатары з нямым дакорам пазіралі на здзічэлага бога. Іван не сачыў за цягам часу. Калі электронны розум штурмана згас, і ежа перастала сінтэзавацца, чалавек змайстраваў лук са стрэламі і згубіўся ў лесе. Ён, у чыёй кішэні ляжала Вечнасць, урэшце, знайшоў спакой.
...Стваральнік на ложку. На твары ўсмешка. Вочы схаваны за віртуальным шлемам. Душа лунае ў нязведаным астрале, створаным на аснове старажытных паданняў і імпульсаў ягогага мозга. Гарадское Ўпраўленне кантралюе працэсы жыццядзейнасці, перыядычна ўпырскваючы ў кроў неабходныя рэчывы. Так, гаспадар не па сваёй волі пакінуў рэчаіснасць (яго свядомасць адключылі ў ліфце, па дарозе да Чырвонай брамы), аднак ГУ было ўпэўнена ў слушнасці і гуманнасці ўласных учынкаў. Транспарты не прызначаны для людзей. Сістэмы жыццезабеспячэння даўно ліквідаваны (жыхары горада, пакуль не зышлі, карысталіся тэлепортамі), а пачварныя стартавыя ды разгонныя перагрузкі літаральна распляскалі б недасканалы арганізм.
Увесь палёт, годы пошукаў, доўгачаканы вынік – ілюзія. Па-майстэрску скроеная. Жорстка? Не. ГУ гэтак не лічыла. Нават калі б атрымалася абсталяваць транспарт, убудаваць усе неабходныя механізмы, унесці папраўкі... Як бы адрэагаваў розум Івана, зразумеўшы, што прадмет ягоных шуканняў – міф, фікцыя?
ГУ вылічыла аптымальны варыянт.
1997
|