Тэкст узяты з Pavluhin-kiber.narrod.ru
Андрэй ПАУЛУХІН
ПЕРЫЯДЫЧНАЯ ФАТА МОРГАНА. НА МЯЖЫ ТЫСЯЧАГОДДЗЯЎ.
беларуская фантастыка на старонках літаратурных выданняў
Практычна ўсё, што магчыма зрабіць у мастацкай літаратуры, магчыма зрабіць і ў навуковай фантастыцы. Але шмат з таго, што можна зрабіць у НФ, недаступна таму, хто піша мастацкую прозу.
С. Дылэні
У гэтай рэтраспектыве, што ахопіць 90-я гады зышэдшага веку і спыніцца напрыканцы 2004 года, аўтар прынцыпова не кранае замежных, у тым ліку і расейскіх аўтараў. Аднак, некаторыя пісьменнікі, якія першапачаткова друкаваліся ў Беларусі, з цягам часу пераключыліся на маскоўскія ды піцерскія рэдакцыі. Аўтар таксама просіць прабачэння ў тых, каго не прыгадаў, бо нельга абняць неабдымнае.
Эпізод 1. Учора.
У жніўні 1990 года здзейснілася доўгачаканае. Выдавецтва “Эрыдан” запусціла новы праект (поруч з ужо існуючымі серыямі “мікра”, “макра” і “экстра”) – “Фантакрым-MEGA”. Рэдактары пазіцыянавалі яго як “часопісападобны зборнік”, “своеасаблівы перадстартавы эксперымент”. Тым не менш, першы нумар выйшаў накладам у 100000 асобнікаў. Гэта, па словах саміх выдаўцоў, было “нешта на мяжы ўвасаблення векавой мары, маецца на ўвазе вялікая мара аб айчынным часопісе фантастыкі”. Ледзь не першая ластаўка на постсавецкай прасторы. Так, запярэчаць мне, а як жа “Уральский следопыт”, “Искатель”, родны “Парус”, урэшце? Нагадаю: гаворка ідзе пра спецыялізаванае выданне. Без дэтэктыўных, прыгодніцкіх і рэалістычных дамешкаў.
Канешне, падмурак быў. Выдавецтвы “Рэха” і “Эрыдан”, “сямёркі” “Паруса” (кожны сёмы нумар – фантастычны), “Знамя юности” і выпускі “ФАЭТОНа”, “Чырвоная змена” і “Галактика”, КЛФ “Цыялкоўскі”... Рэгулярна дзейнічаў семінар фантастаў пры Саюзе пісьменнікаў Беларусі. Але нараджалася ўсё гэта са скрыгатам. Чыноўнікі не спяшаліся даваць “дабро”, бо ў нядаўнім мінулым – забаронены Яфрэмаў ды апальныя Стругацкія, цкаванне клубаў і фэнзінаў. “Няўдзячная гэта справа – пісаць фантастыку. Тут і абыякавасць з боку выдавецтваў і рэдакцый, і адносіны да фантастыкі (а роўна і да аўтара), як да нечага другаснага, пабочнага і несур’ёзнага. Сцяна, якую немагчыма ані пасункць, ані разбурыць” (Віктар Рэсянчук).
І вось – сцяна пасунулася. Нават кансерватыўны “Неман” – друкаваў. На старонках газет і часопісаў дэбютавала больш за сотню аўтараў.
У рэдкалегію “Фантакрым-MEGA” увайшлі Яўген Дрозд, Барыс Зяленскі, Мікалай Чадовіч і некаторыя іншыя, не менш вядомыя асобы. Узначаліў праект Аляксандр Патупа.
Апроч тэкстаў, ілюстрацыяў і караценькіх інфармацыйных нататкаў са свету фантастыкі (аб праходзячых канвентах і атрыманых прэміях) часопіс змяшчаў крытыка-бібліяграфічныя матэрыялы аб айчыннай і замежнай (у прыватнасці – польскай) НФ. Безумоўную цікавасць уяўляе рубрыка “Мікрафантастыка”, дзе друкуюцца апавяданні-мініяцюры беларускіх і польскіх аўтараў, самыя кароткія – усяго некалькі радкоў. “Калі мы прачнуліся раніцой, вакол не было аніводнага дрэва. А ўначы некаторыя людзі бачылі тысячы, мільёны, мільярды стартуючых з Зямлі ракет. Столькі часу былі яны з намі, а мы нічога не ведалі пра іх!” (Зоф’я Бяшчынска, “Дрэвы”).
У тагачаснай фантастычнай прозе дамінуюць матывы Чарнобыля і бунту электронных сістэм, шмат хто звяртаецца да альтэрнатыўнай гісторыі і памежжа, эксперымента. Айчынная фэнтэзі больш імкнецца да класічнай казкі і якаснай гістарычнай навэлы (з нязначнымі ўхіламі), чым да толкіенісцкага шаблону, які склаўся ў англамоўнай літаратуры. Прыкладам можа служыць апавяданне В.Пугача “Глядзі – гэта ён”, ў якім паўстае жорсткае феадальнае грамадства, дзе адсутнічае сістэма наслевання ўлады. Каралём (на пяць год) робіцца самы “варты” – той, хто пройдзе выпрабаванні Турніра. Запылены горад, дзе расквартыравана калона вояў (С.Булыга, “Квардыліён”) на справе апынулася перавалачным пунктам паміж царствамі жывых і мёртвых. Дэкарацыі ўмоўныя, горад не мае назвы, недзе праступаюць рысы рымскай правінцыі. Цэлая нізка рэальнасцяў з’яўляецца ў “Імені для рыцара” М.Арэхава і Г.Шышко; светы скрыжоўваюцца на Палігоне – своеасаблівай вучэбнай пляцоўцы будучага. “Ідалы” М.Алфёравай – прытча пра каханне і жывую рэлігію, дзе ідалы – канкрэтныя істоты, якіх магчыма вырасціць або забіць. Цяжка да чаго-небудзь аднесці апавяданне Наталлі Новаш “Сачыненні Біхевайля”, мяркую, гэта госць з памежжа. Антураж: дзень, кароткае “сонцастаянне” змяняецца ноччу і Пургой – страшэннай прыроднай з’явай, што змятае ўсё жывое. Людзі чакаюць яе скону ў каменных вежах. Забыты мудрэц Біхевайль у двухтомніку ўласных сачыненняў адкрыў нейкую ісціну. Зведаўшы яе, чалавек робіцца “пераможцай Пургі”, ён здатны сустрэцца з цыклонам і выжыць. Паралельны зрэз? Іншая планета? Адказа няма, усё тая ж канцэптуальная схематычнасць. Імчыць скрозь дождж і снег брычка князя Каневіча, прыдворнага афіцэра, сябры Калятроннай Дзесяткі (В.Цюннікаў, “Непагадзь”). Брычкай кіруе прыгонны Макар... Альтэрнатыўка, зразумела. “Колькі стагоддзяў таму чалавецтва пакінула Зямлю? Адно, два, тысячу? Зараз на Зямлі жыве Смерць. Смерць рукатворная”. Значыцца, апавяданне постатамнае. А час на далёкай калоніі выкруціўся дзіўнай пятлёй...
Цвёрдую НФ прадстаўляе “Таймкіпер альбо Горкі глыток будучыні” А.Патупы. Гэта, уласна кажучы, не апавяданне, а рэцэнзія на рэцэнзію. У сваю чаргу, выдуманая рэцэнзія Артура Пэна напісана на выдуманы раман Арта Празорава з аднайменнай назвай. “Канечне, гэткая форма няпростая для ўспрыяцця, - апраўдваецца Патупа, - надта ўжо своеасабліва ўзаемадзейнічаюць аўтар і ягоныя героі, - але каго ў нашыя дні здзівіш складанасцю мастацкіх праекцый?”. Дарэчы, “перад намі канец ХХІ ці пачатак ХХІІ стагоддзя”. Чалавецтва жыве ў райскім запаведніку, дзе ўсё кантралюецца інтэлектронамі, “разумнымі элементамі тэхнасферы”. Інтэлектроны эвалюцыянавалі да такой ступені, што ў іх з’явіліся ўласныя мэты, яны будуюць наваколле па ўласных, невядомых крытэрыях. Людзі адціснутыя на другі план. Галоўны герой, Таймкіпер, вандруючы па гістарычных фантпраграмах (правобраз віртуальнай рэчаіснасці), спрабуе знайсці Памылку. Момант, калі homo sapience саступіў пазіцыі. І знаходзіць. Генетычна мадыфіцыраваны чалавек (гіперментал, згодна аўтарскай тэрміналогіі) здолеў бы вытрымаць канкурэнцыю з кіберсістэмамі. Але праграма па стварэнні асаблівай надкоркавай вобласці, “гіперкартэкса”, згортваецца. “...Цэласная карціна гіперментальнай эвалюцыі была вельмі складаная для панарамнага прагнозу, і заставаліся сур’ёзныя апаскі”. Вучоныя баяліся комплексу непаўнавартасці: “чалавек сённяшні будзе адчуваць сваю катастрафічную разумовую мізэрнасць перад чалавекам заўтрашнім, убачыць сябе толькі радавым звяном...”. Канечне, прасцей даверыць лёс інтэлектронам/эўраматам, няхай думаюць, забяспечваюць, прымаюць рашэнні... Вуснамі філосафа-няўдачніка Урсула Гоу аўтар прапаноўвае канцэпцыю будучыні, як мультыварыянтнасці, але не прамой лініі прагрэсу. Гоу адкрывае прынцып медыатарнага апярэджання: “Пара, урэшце, зразумець, што натужліва прарываючыся ў будучыню на хрыбце навукі, мы непрыкметна зробім прагнастычныя сродкі складанейшымі за нас, і ў выніку будучыня апынецца за імі, а не за намі”.
Чарнобыльская тэма цікава раскрываецца ў “Рэспубліцы загінуўшых вераб’ёў” А.Эйпура. Праз трыста год пасля катастрофы Беларусь уяўляе сабой тэрыторыю, густа заселеную мутантамі. Афіцыйная ўлада не прызнае відавочнага. “Як цяперашнія бацькі не разумеюць таго, чаму ходзяць па РЗВ здані, поўзаюць і лётаюць розныя гады. Чаму камары пажыраюць асфальт, а хвоі пераходзяць цераз шашу”. Не хочуць разумець. Манекены-бабулькі сядзяць на прыпынках, лялькі-дзеці гуляюцца ў пясочніцах, робаты кіруюць камбайнамі. Акадэмікі ў браніраваных клубах вяшчаюць: усё добра. Як тут не прыгадаць “пацёмкінскія вёскі”...
Гумарыстычная фантастыка прадстаўлена імёнамі Ю. Брайдэра і М.Чадовіча (“Візіт інспектара”), а таксама А.Сілецкага (“Скандал у высакароднай сям’і”).
У 91-м годзе “часопісападобны зборнік” канчаткова трансфармуецца ў часопіс. З гэтага моманту “MEGA” выходзіць з перыядычнасцю адзін раз у два месяцы. Мяняецца галоўны рэдактар, вокладка, рубрыкі. Больш месца адводзіцца інтэрв’ю, крытыка-бібліяграфічным артыкулам, футурыстычным прагнозам. Друкуюцца лісты чытачоў. Часопіс набывае статус Мекі для фантастаў усяго былога СССР. У розны час тут публікаваліся А.Саламатаў, В.Рыбакоў, Л.Кудраўцаў, С.Логінаў, Ул.Гакаў. На старонках “MEGA” трапляліся нават узоры фантастычнай паэзіі (паэма Кацярыны Крукавай “Звышновая”, “ФМ” № 2/91). “Мікрафантастыка” мутыруе ў “Ненапісаныя раманы”, дзе сабрана малая проза пераважна айчынных аўтараў. Аповеды аб’ядноўвае добры гумар, кампазіцыйная завершанасць анекдота. Персанаж аповеда М.Арэхава і Г.Шышко “...І гэтая кусачая!” сніць прыгожую дзяўчыну, што цалуе яго. Нік з лямантам ускоквае. Ён бяжыць у душавую, “шалёна варочаючы ўсімі дзесяццю вачыма і з адчаем малоцячы па падлозе шаснаццацю шчупальцамі”. У “Андзеле” С.Булыгі (“ФМ”, 3/91) анёл жыве з кавалём, здраджвае яму з фельдфебелем і нараджае ад апошняга тузін дзяцей. Н.Новаш (“Легенда аб першым апавяданні”, “ФМ”, 3/91) стварае міф пра прышэльцаў з Месяца, якія ўзнікаюць у галаве Доўгавухага, паляўнічага першабытнага племені. Каб гісторыя захавалася, Доўгавухі прыдумляе пісьменнасць.
Некаторыя аўтары “MEGA” зыходзяць у абсурд. “Партрэт у гарадскім краявідзе” С.Трусава пры жаданні магчыма расцэньваць як трактоўку “Партрэта Дарыяна Грэя”. Герой апавядання жадае атрымаць уласны партрэт, а на самой справе апошні ўвасабляецца ў двайніка прататыпа. А двайнік – у парасклейваныя на плошчы лістоўкі. Задача мастака, па Трусаву, не адлюстраваць, але ўбачыць схаваную сутнасць рэчаў. Ён піша, аднак не пэндзалямі і фарбамі, а свядомасцю. Ці падсвядомасцю, аўтар не ўдакладняе. Ды і навошта ўдакладняць?
Мінчанін Б.Зяленскі ў апавяданні “Німфа з Ліцейнага” (“ФМ”, 4/91) звяртаецца да тэмы кантакта звычайнага абывацеля з Невядомым. Падзеі адбываюцца падчас рэвалюцыі 1917 года і грамадзянскай вайны. Афіцэр царскага войска паручык Каштымаў уступае ў сувязь з жанчынай, якае ўмее... нараджаць грошы. Баранэса фан Гольдэнзак, натуральна, незямнога паходжання, яна – чалавекападобны андроід, “гінекоід”, накіраваны з даследчымі мэтамі нейкім звышрозумам, САМУДам. Мільярды год таму САМУД засяліў космас жаночымі і мужчынскімі вірусамі, тыя эвалюцыянавалі, і сусвет падзяліўся на планеты, варожыя адно аднаму. І толькі Зямля – унікальнае месца, дзе супроцьлегласці “інь-ян” мірна саіснуюць. САМУД хоча зведаць такія чалавечыя якасці, як... сэксуальнасць і сквапнасць.
Сапраўднай падзеяй у свеце беларускай фэнтэзі сталася публікацыя рамана Ю.Брайдэра і М.Чадовіча “Евангелле ад Цімафея” (“ФМ”, 3 – 4/91), які паслужыў пачаткам знакамітага цыкла аб Сцежцы. Зямлянін, наш сучаснік, трапляе ў паралельны свет, які складаецца з трох частак. Вяршэнь – лес цыклапічных дрэў, “занебнікаў”, на галіне кожнага з іх магчыма размясціць сярэдніх маштабаў раён; занебнік – складаны біяцэноз, дзе вымушаны суіснаваць людзі, драпежнікі (шасцірукія, кратадавы) і сімбіёнтная флора, расліны-паразіты. Ізыб’е – глеба, вялізныя забалочаныя прасторы, дзе бяруць свой пачатак занебнікі. Прорва – яна паміж Ізыб’ем ды Вяршэнню, паветраны акіян. “Прорва ёсць напамін аб вышэйшых, замежных сілах. Ейны сімвал – касакрыл, істота, якая ніколі не шукала сабе іншай апоры, акрамя пустэчы”. Прысутнічаюць у свеце занебнікаў і стварэнні чужыя, звышнатуральныя. Нябачныя – двумерныя прывіды (“яны з чалавекам што хочаш могуць зрабіць”), чый вобраз толькі “скажоны адбітак” іх сутнасці, тыя, хто знаходзіцца адначасова ў некалькіх светах. Феніксы – бессмяротныя птушкі, гаспадары часу, чыя моц нязмерная. І ўсё гэта – “жудасная казка”.
Менавіта гэтак. Жудасная казка. Зямлянін (“пралаза”, той, хто пранікае ў прарэхі між светамі) мінае ўсе кругі пекла: нявольніцтва на Вяршэні, чаканне смерці ў падземнай турме багнікаў (народ, што насяляе Ізыб’е), здраду сябра, выпрабаванне ўладай, і, урэшце, гібенне ў ролі “вясельнага генерала”, уладара, ад якога нішто не залежыць. “Евангелле” – прыпавесць аб тым, як неблагі чалавек, атрымаўшы ўладу, спрабуе выкарыстаць яе годна, а атрымліваецца...
Зрэшты, раман шматслаёвы. Знешні слой – рупліва прапісаны антураж, моцны сюжэтны каркас, жывыя персанажы, якім спачуваеш. Другі ўзровень – утоены здзек над рэлігіяй (свяшчэнная рэліквія народа Вяршэні – целагрэйка; Пісьмёны, іх біблія – “Зборнік рэцэптур і кулінарных вырабаў для прадпрыемстваў грамадскага харчавання”) і даследванне механізмаў улады (“Не голад правіць светам, а прага ўлады. Хай нават гэта ўлада над натоўпам голых дзікуноў”). Трэці ўзровень – прырода дабра і зла, антаганізмы чалавечае душы. Чаму радавы супрацоўнік сталовай № 1, трапіўшы на Вяршэнь, ператвараецца ў жорсткага дыктатара? Чаму, калі жадаеш “шчасця дзеля ўсіх”, вымушаны ісці на кампрмісы з уласным сумленнем? Усе мы сляпакі, сцвярджаюць аўтары рамана, не можам адрозніць белае ад чорнага, калі нам падсунуць іх разам. Але ёсць Сцежка. І той, хто мусіць ісці па ёй, зведае сябе ў Пачатковым свеце, бо ўсе астатнія – толькі яго копіі.
В.Нехай, што друкаваўся дагэтуль ў “Маладосці” ды “Беларусі”, прапанаваў кінанавэлу “Памерці чалавекам” (“ФМ”, 2/92). Нечаканы эвалюцыйны скачок перабудоўвае людзей у незразумелых істотаў, чатырохрукіх, аднавокіх, пакрытых рыбінай лускай. Ганна і Андрэй на парозе ператварэння выбіраюць смерць – каб застацца сабой.
У 92-м годзе казка скончылася. “Фантакрым-MEGA” кануў у Лету. І, на некалькі год – зацішша. Цікавасць да фантастыкі згасае. Яшчэ б: знадворку крызіс, тут элементарнае выжыванне... Сваіх пісьменнікаў павыціскалі заходнія, раскручаныя, вярняк. Што тычыцца “тоўстых” літаратурных часопісаў... іх задавальняла (і задавальняе) традыцыйная лінія непрымання “нізкага жанра”.
Пачынаючыя аўтары апынуліся ў выдавецкім вакуме.
Вакум часткова запоўніўся дзякуючы часопісу “Першацвет”, заснаванаму Алесем Масарэнка. У чацвёртым нумары за 98-ы год я ўбачыў цікавы аповед Наталлі Ніканчук “Пятля Арыёна”, які, між іншым, суправаджаўся малюнкамі аўтара. З самой Наталляй я пазнаёміўся значна пазней – у 2000 годзе, на семінары маладых літаратараў у “Іслачы”.
Хутка “Першацвет” увёў рубрыку “Кніга ў нумары”, дзе і з’явілася “Касмічная супярэчнасць” Алеся Бычкоўскага – маленькі зборнічак фантастычных апавяданняў. Прадмову да “кнігі” напісала Юлія Алесьніна. Памятаю, спадабалася назва – “У сузіранлівых сутарэннях”. У зборнік увайшло 8 твораў. Гэта “Калі сярод жалеза вырастаюць ружы”, дзе распрацоўваецца тэма Штучнага Інтэлекту, “Страшнае слова”, “Прывітанне з мінулага” і “Дзіцячая забава”, у якіх прамільгваюць амаль брэдберыўскія матывы, парадаксальная “Абстрактная сутнасць” і “А154Л700”... Канешне, за тэкстам апавядання “Касмічная супярэчнасць” крыху праступае лемаўскае палотнішча, аднак “Супярэчнасць” раскрывае праблему кантакта з разумнай планетай крыху інакш – больш жорстка, канфліктна, бескампрамісна..
Увогуле, штучны інтэлект – асноўная тэма, якая чырвонай лініяй праходзіць праз творчасць тагачаснага Бычкоўскага. Друкаваўся гэты аўтар і ў “Маладосці”, дзе апублікаваў перапрацаваны варыянт апавядання “Калі сярод жалеза вырастаюць ружы” – “Электронны інтэлект”.
Праглядаючы нумары “Маладосці” за апошнія гады мінулага стагоддзя, прыходзіш да высновы, што пераважае (гэта тычыцца фантастыкі) містычная ды сюрэалістычная проза, але ніяк не “цвёрдая” НФ. Чаму так? Хтось скажа: творцы імкнуцца паказаць унутраны свет герояў, даследваць падсвядомасць... Карацей, пагуляць у “вялікую літаратуру”, так званы “мэйнстрым”. Наблізіць фантастыку да пэўных стандартаў (мне таксама колісь прапанавалі ў адным выданні напісаць нешта “з ухілам”, але не цалкам “фэнтэзі”). Так, у “Маладосці” № 4/98 з’явіліся адразу два падобныя тэксты: “Спакуса” Руслана Равякі і “Франтавы атрамант” Зміцера Вішнёва. Першы – містычнае апавяданне з кампазіцыяй а-ля “дзённік Лоры Палмер”, чарговая бойка Дабра са Злом (абавязковыя атрыбуты: Люцыпар, пярэваратні, крывасмокі, кантракт, што падпісваецца крывёй). Зразумела, д’ябл амаль захапіў Зямлю (пакуль не ўсю, толькі частку – Савецкі Саюз) і яго непакоіць зона супроцьстаяння – Беларусь. Падпісваючы паперу ворага чалавечага, персанаж падпісваецца за ўсіх суайчыннікаў. Жудасна? Але для нас з вамі прыпасены хэпі-энд: дурань-Люцыпар адпускае Антося падумаць, і той уцякае. Праўда, ягоную дзяўчыну з’елі ваўкалакі, а на самога героя навесілі забойства... Але не ўсё так проста. Згодна тэксту Люцыпар ужо вырваўся – 26 красавіка, у дзень Чарнобыльскай аварыі (!). Павісаюць у паветры пытанні: па-першае, дзе спакуса (багацце, уладу, бессмяротнасць ніхто Антосю не прапаноўвае), па-другое – падпісаў ён той акт ці не? Па тэксту – не, а вось па выніках...
“Франтавы атрамант” З.Вішнёва – аповесць-фантасмагорыя, твор у творы. Галоўны герой піша раман з аналагічнай назвай. Незразумела, ці то герой у творы, ці твор унутры героя. Карацей, тым хто не знаёмы з творчасцю постмадэрністаў (Пялевіна, напрыклад) ды з вершамі “Бум-Бам-Літа”, за аповесць лепш не брацца – паедзе дах.
Агульны накірунак падмацоўвае аповесць А.Казлова “Дзеці ночы – служкі зла” (“Маладосць”, 3/99) – таксама містычны твор, на якім спыняцца не буду (спыняліся іншыя). Фантасмагорыя “Воўк” Лаўрэна Юрагі добра ўкладаецца ў абойму, нагадваючы “готыку” і адначасова “гарадскія жахі”. Караценькі, але моцны твор.
Эпізод 2. Сёння
Новае тысячагоддзе прынесла пэўныя змены. “Першацвет” спазнаў метамарфозы: новыя рэдактары, новая вокладка, новы фармат. Іншыя канцэпцыі. І, галоўнае, у часопісе часцей замільгалі творы, вызначаныя як “фантастыка”. Працягвае друкавацца рускамоўны празаік Алекс По, чые творы – хутчэй алегарычныя навэлы, байкі, якія чымсці родняцца з “малой формай” Стывена Кінга ды Альфрэда Хічкока. Рэгулярна з’яўляецца імя Ніка Срэдзіна (апавяданні “Авіякатастрофа”, “Скачок”, “Пляж”, “Чацвёртая планета”). 2001 год адкрыў імёны Альды Барэйс (“Расповед пра тое, чым бавіўся Яра да таго, як стаў вужыным каралём і што такое сапраўдная вераб’іная ноч”) і Анжалікі Дубасавай (“Памяць наадварот”).
У байцы “Авіякатастрофа” Н.Срэдзіна маленькаму хлапчуку дастаткова паверыць у матэрыяльнасць аблокаў, каб яны зацвярдзелі і ўратавалі самалёт ад падзення, нягледзячы на настрой прагматыка-пілота. “Свет – гэта толькі тое, ва што мы верым. На шчасце, нашая вера апынулася мацнейшай за вашую, і мы засталіся жывыя. Няўжо вам не сумна ў строга зафіксаваным свеце без цудаў?”. З памяці выплывае знакамітае апавяданне С. Лук’яненка “Катэгорыя “зэт”, дзе веры, ментальнае моцы хлопчыка хапіла, каб цалкам знішчыць зорную сістэму... “Скачок” – альтэрнатыўная гісторыя, напрамак даволі папулярны ў Расіі ды заходніх краінах і амаль невядомы ў нас. Галоўны герой трапляе ў сусвет, дзе “Кутузаў загінуў пры Барадзіно, рускія войскі былі разбітыя пад Масквой”, “Расія зрабілася канстытуцыйнай манархіяй, федэрацыяй”, “халоднай вайны” таксама не было, ЗША сталі саюзнікамі”... Ну як? Не менш дзіўная і рэчаіснасць, адкуль прыйшоў сам госць: захаваўся СССР, у складзе якога існуе Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка...
“Расповед” А.Барэйс – штось накшталт “славяна-кіеўскай фэнтэзі”, але – беларускі варыянт. На планеце А.Дубасавай (“Памяць наадварот”) жыве раса, прадстаўнікі якой памятаюць не мінулае, а будучыню.
У гэтым жа, 2001 годзе, фінансавыя цяжкасці пахавалі “Першацвет”, як колісь і “ФМ”.
Эстафету падхапіла “Маладосць”. У адрозненне ад “Першацвету” яна перанесла крызіс (хоць быў час, калі не выдавалася амаль паўгады), эвалюцыянавала і, урэшце, звярнулася тварам да фантастыкі. Я маю на ўвазе не разавыя публікацыі, а мэтанакіраваную рэдакцыйную палітыку.
Працэнт фантастыкі ў “Маладосці” год ад года павялічваецца. Узрастае і разнастайнасць: жанравая, тэматычная, аўтарская. Множацца напрамкі. Гэта і харор (містыка), і фэнтэзі, і кіберпанк, і НФ.
Змрочнае мінулае паўстае ў рамане А.Казлова “Мінск і воран, Парыж і здань” (“Маладосць”, 2/03), паўстае, каб адпомсціць нашчадкам злачынцаў. Апавяданне В.Багун “Фея” (“Маладосць”, 7/03) – гэта тыповая фэнтэзі. Створаны свет, дзе побач жывуць тры расы: людзі даліны, перы (крылатыя людзі, насельнікі горных вышынь) і вадзянікі. Паміж першымі дзвюма распачынаецца вайна, апошнія трымаюць нейтралітэт. У цэнтры расповеда – гісторыя кахання перы і дрывасека з даліны. Нават варожасць іх супляменнікаў не здатная перашкодзіць... Чытач, нават не надта адукаваны, адразу прыгадае Шэкспіра. У творы В.Багун канфлікт палягае глыбей, чым здаецца. На ўзрошні не кланаў, а рас. Дарэчы, шчэ Борхес сцвярджаў, што сюжэтаў у літаратуры няшмат. Ці то тры, ці чатыры. І адзін з іх – каханне.
Па-новаму асвятляе тэму пярэваратняў А.Бычкоўскі ў апавяданні “Нашчадкі неўраў” (“Маладосць”, 12/03). Дзеянне адбываецца ў наш час. Міліцыянты Лемяшук і Барташэвіч, патрулюючы гарадскія вуліцы, сутыкаюцца з ваўком. Зразумела, яго не бяруць звычайныя кулі... Ваўкалакі Бычкоўскага з’явіліся не на пустым месцы. Паданні сведчаць, што ў старажытных беларускіх лясах жыў загадкавы народ – неўры (з іх роду быў і полацкі князь Усяслаў). Яны былі цесна злучаныя з прыродай і ўмелі ператварацца ў ваўкоў. Неўры – адважныя ваяры, іх не зламаў нават рымскі легіён, які без слядоў знік у неўрыдскіх лясах. Сучасныя lupus nosturnus – нашчадкі тых зніклых дзікуноў. Іх знішчаюць атрады вартаўнікоў, адзін з іх – Барташэвіч. “Нашчадкі неўраў”, на маю думку – неблагі прыклад айчыннай “гарадской фэнтэзі”, да ліку якой адносіцца і знакаміты “Начны Дазор”.
Старую школу НФ прадстаўляе аповесць А.Аляшкевіча “Век Вадаліва” .
Нечакана ўзяўся за фантастыку былы “бум-бам-літавец” Серж Мінскевіч, і ўзяўся даволі ўдала. Раман-фэнтэзі “Сад замкнёных гор” (“Маладосць”, 1/04), па ўласным аўтарскім азначэнні – “3d action ад першай асобы (з элементамі аркады і квэста)”. Ёсць падземны сусвет бетонных сутарэнняў, падзелены на гарады і плямёны. Ёсць персанаж, што ідзе зорным Шляхам, які выводзіць яго ў Сад. Зноў жа – барацьба за выжыванне, здада, смерць. Філасофія, згодна якой светам кіруе інфармацыя, коды “плюс” і “мінус”, аналаг дваічнае сістэмы. Свядомасць – першасная...Зямля Мінскевіча перанесла некалі, мусіць, тысячы год таму, страшэнную катастрофу, пасля якой на паверхні ўтварылася пустэльня. Сад – апошняя крыніца прыроды пад сонцам. Крыніца, дзе выжывае толькі адзін “садоўнік”. Двое – гэта ўжо смяротныя канкурэнты. Нехта з іх памірае, нехта – робіцца бессмяротным. Таму Раншай, трохсотгадовы садаўнічы, забівае ўсіх, хто ўзнімаецца па Мосце і мінае вогненную Браму. “Гэты Сад, пасаджаны нашымі продкамі, адзінае, што абагачае і ачышчае атмасферу планеты. Толькі ён паступова стварае тут паветра, якім вы там, унізе, дыхаеце. Вам па трубах паступае самае неабходнае для жыцця рэчыва – паветра, узбагачанае кіслародам. І калі раптам тут паселіцца нейкае племя, што будзе ў такіх цяплічных умовах неабмежавана размнажацца, а яно так і станецца, то пачнецца дзікае, дзічэйшае вынішчэнне Саду. Сад зачаўрэе, а разам з гэтым паступова на нашай планеце знікне чалавецтва!”. Даляшорзах перамагае ў бойцы канкурэнтаў. Ён бачыць будучыню не ў бязглуздым чаканні зорных продкаў, а ў мэтанакіраванай каланізацыі пустэльні. Вось – Шлях да зорак... Не ведаю, як у вас, а ў мяне не склалася адчуванне “фэнтэзі”. Хутчэй – постатамны раман. “Сад” Мінскевіча значна бліжэй да “Шалёнага Макса”, “Воднага свету” ды чорных фантазіяў Дашкава, чым, напрыклад, “Уладара пярсцёнкаў”. Пакінем гэта на сумленні аўтара.
Лагічны вынік дзейнасці рэдакцыі – стварэнне часопіса ў часопісе “Фантаст”. У мінулым годзе Фата Моргана акупавала дванаццаты нумар “Маладосці”. Разгарнуў яго з вялікай цікавасцю (прыгадаўшы, натуральна, славутыя “сямёркі” “Паруса”). С.Мінскевіч выдаў тры апавяданні (“Смерць у бары “Зялёная поўня”, “Рукі, крылы, бессмяротнасць”, “Палёт і падзенне Крона Тэнлі”), і гэта ўжо не фэнтэзі, а цалкам навуковая фантастыка, цікавая, насычаная нетрадыцыйнамі для нашай літаратуры ідэямі. Найбольш моцны твор з падборкі – “Рукі, крылы, бессмяротнасць”. Мінскевіч апісвае будучыню, дзе чалавек набыў, урэшце, вечную маладосць. Дасягнуўшы генетычнага паўналецця, ён праходзіць аперацыю, што спыняе “гадзіннік”, адказны за працэсы старэння. Але... пабочны эфект – бясплоднасць. Таму грамадзянін Зямлі, або іншай планеты павінны (у пэўны тэрмін) завесці сям’ю і нарадзіць дзіця. Шчэ адно “але”: бессмяротныя не робяць прагрэс. Усе лепшыя ідэі належаць маладым. І тут пачынаецца палітыка. Планеты, 90 працэнтаў насельніцтва якіх – бессмяротныя, трымаюцца на адным тэхналагічным узроўні, не рухаючыся наперад. Маладзёнаў клануюць, аднак “дубляванне – не разнастайнасць”. Зямля штучнымі метадамі пануе ў галактыцы, трымаючы “на галодным генетычным пайку” калоніі і, дзякуючы гэтаму, застаецца метраполіяй. У тым жа апавяданні – варыянт эвалюцыйнага развіцця, пры якім чалавек набывае крылы. А набыўшы – страчвае розум. Эвалюцыя была рэгрэсіўнай. “Чаланы страцілі магчымасць працаваць. Навошта рукі, калі ёсць крылы! Тым больш, ежа паўсюль (...) Мова іх зрабілася прымітыўнай – толькі сігналы для палёту і размнажэння”. Розум і крылы – несумяшчальныя, папярэджвае аўтар. Узнікае пытанне: а як бы развівалася цывілізацыя чаланоў, калі б мела стасункі з касмічнай супольнасцю? Без ізаляцыі? Мабыць – натыркнулася б на бар’еры, створаныя Зямлёй... Усё адносна.
Антыўтапічнае па сваёй сутнасці апавяданне А.Бычкоўскага “Прышэлец”. Скончыліся запасы энергарэсурсаў, на Зямлю ўпаў “прышэлец” (агромністы метэарыт), планета ператварылася ў выпаленую пустэльню. Мегаполісы, населеныя мутантамі, татальнае самазнішчэнне, дэпрэсія... Выйсцем было стварэнне кампаніі САН (“Сацыяльная абарона насельніцтва”), якая вывела чалавецтва ў космас. Каланізацыя іншых светаў зрабілася аб’ектыўнай неабходнасцю. На Зямлі застаецца два мільярды нікому не патрэбных “адкідаў”. З цягам часу САН робіцца імперыяй, і тады – псіхатронны кантроль, дыктатура, ваенныя спадарожнікі...
Прыемна здзівіў Алесь Бадак, апублікаваўшы аповесць “Не глядзіце ў снах на поўню” і тым далучыўшыся да кагорты фантастаў. Хапае ў часопісе і публіцыстыкі. Ігар Вуглік у артыкуле “Дзіўныя прывіды са старажытнага неба, альбо “Агністы чалавек” невядома адкуль” знаёміць чытача з даследваннямі беларускіх палеауфолагаў. Тэму НЛА працягвае Ірына Занеўская (“А, можа, мы сустракаемся спрадвеку?...”). Павел Гаспадыніч падрыхтаваў матэрыял пра тунгускі феномен...
Такім чынам, аўтары “Маладосці” абвяргаюць меркаванне некаторых крытыкаў, быццам у Беларусі няма годных пісьменнікаў-фантастаў. Шаноўныя, былі б выдавецкія плошчы, а таленты адшукаюцца. Спадзяюся, выданне добрай фантастыкі і надалей будзе адным з прыярытэтаў часопіса, а там ужо і недалёка...
Але – гэта мары.
Вось толькі хочацца прывесці словы расійскага пісьменніка В.Рыбакова: “...літаратура, прысвечаная выхаванню здольнасці думаць пра будучыню, павінна быць адным з найбольш паважаных відаў мастацтва».
Без каментарыяў.
|