~Галоўная~ ~Творы~ ~Біяграфія~ ~Форум~ ~Mail~     

Тэкст узяты з Pavluhin-kiber.narrod.ru

Андрэй ПАУЛУХІН

МАГІЛЬНІКАВЫ ВАРТАЎНІК

Яны прыходзілі кожную поўню. Выкопваліся, краталі цяжкія мураваныя пліты, валачыліся, натыкаліся на трухлявыя крыжы і ствалы дрэваў. Іхныя шляхі сыходзіліся ля варот, там, дзе на ўзгорку стаяла хата вартаўніка. Інакш трапіць у горад нельга, бо Яфімыч наклаў на агароджу ахоўнае закляцце...
Яфімыч працаваў вартаўніком трынаццаць год. Сям’і і родных у яго не было, зрэшты, як і сяброў. Выключэнне складаў мясцовы бомж Мікіта, які часта заходзіў з бутэлькай віна. Яфімыч нязменна частаваў яго “Беламорам”. Сядзелі дапазна, прыгадваючы мінулае. Вартаўнік распавядаў, як у дваццаць два гады, скончыўшы духоўную семінарыю, трапіў у “дурку”, бо лічыў сябе анёлам. Яго выпусцілі даволі хутка – Яфімыч вылучаўся спакойнымі паводзінамі, быў “ціхі”. “Вох і павалэндала мяне, Мікіта” – “А як сюды ўлез?” – “Выпадкова. Сеў не на той цягнік”.
...Гэтая ноч не прадракала нічога добрага.
Яфімыч паставіў табурэт у дальні кут пакоя – так, каб акно і дзверы знаходзіліся ў полі зроку. У дзесяці сантыметрах ад падлогі, ля самага ўваходу, ён нацягнуў лёску. Зняў з цвіка, убітага ў сцяну, абрэз дубальтоўкі, нібы ў Шалёнага Макса, пераламаў – праверыць зарад. Абодва патроны на месцы, пабліскваюць капсюлямі. Вельмі даўно Яфімыч хадзіў па навакольных вёсках, скупляў баепрыпасы за літры гарэлкі, потым рупліва мяняў начынне. Большую частку заробка Яфімыча паглынала срэбра.
Абрэз Яфімыч паклаў на калені. Узвёў куркі. Кішэні курткі адцягвалі дзве цяжкія скрынкі, за халявай левага бота тырчэў стылет у выглядзе распяцця. Металічны Хрыстос самотна глядзеў на пусты пакойчык і лямпу, што звісала са столі.
Атака пачалася раптоўна.
Пятачок зямлі перад варотамі асвятляў пражэктар, усталяваны на даху. Пачвары пёрліся нахабна, напралом – пад срэбраныя кулі Яфімыча. Хто яны – вампіры, пярэваратні, мерцвякі – Яфімыч ня ведаў. Ён ведаў другое: вырадкі ірвуцца з могілак у горад. Адступаць няма куды, за спінай Масква, думаў Яфімыч, разварочваючы варожыя галовы шаснаццатым калібрам. Хутка праціўнік змяніў тактыку – паспрабаваў абыйсці хату вартаўніка з тылу. Яго чакаў непрыемны сюрпрыз – глыбокі роў, паабтыканы на дне завостранымі асінавымі кольямі. Тады па поўнях вырадкі мусілі штурмаваць дзверы й акно, вырашыўшы расправіцца з крыніцай ліха. Яфімыч адстрэльваўся, раз-пораз уступаў у ракапашную, арудуючы замоўленым стылетам. Кожны месяц ён мяняў шкло...
Вунь і цяпер, пад характэрны звон і трэск рамы, у праём палезла аброслая іклатая морда, якая вельмі здзівілася, выявіўшы, што палова ейнага чэрапа адсутнічае.
Дзверы разляцеліся ўшчэнт, і з’явілася надзвычайная брыдота. Яе, зрэшты, Яфімыч таксама заваліў. Але часу, каб перазарадзіць абрэз яму не далі. Бледныя, падраныя, смярдзючыя труной, пашчаміліся нібы адусюль. Арганізавана пашчаміліся, адзначыў Яфімыч, выплюхваючы на апанентаў з вядра свячоную ваду й зларадна назіраючы, як яны шкварчаць. І гніюць. У наступную секунду лямпачка зтухла. Ага, сказаў Яфімыч, апускаючы на вочы прыбор начнога бачання з убудаванымі датчыкамі руха. І ўвагнаў стылет у грудзі мерцвяка, які працягнуў рукі з мэтай схапіць вартаўніка за шыю...
На досвітку нелюдзі супакоіліся. Злы, сонны Яфімыч, хутаючыся ў плашч, накіраваўся ў горад за цесляром. На зваротным шляху ён збочыў у студэнцкую “сталоўку” – паесці.
У хаце яго чакалі. На табурэце сядзеў кашчавы, апрануты ва ўсё белае мужык з сівой ускаламачанай барадой.
- Гаўрыла, - прадставіўся мужык.
- Чаго трэ? – буркнуў Яфімыч.
- Так, - госць дастаў з паветра кіпу паперы. Пагартаў, дзелавіта мыкаючы. – Еўлампій Яфімавіч Кадзілаў. Год сашэсця на зямлю – тысяча дзевяцьсот пяцьдзесят сёмы... Паступіў... з’ехаў... Ого! Паслужны спіс уражвае. Дарэчы, - ён узняўся над табурэтам і скіраваў палец у неба, дакладней, у столь. – Вас ацанілі. Там. Сын чалавечы задаволены праведзенай вамі працай. У сувязі з гэтым камісія па нечысці, створаная пры Савеце Апосталаў, вырашыла перавесці вас на другі, больш адказны ўчастак.
- А як жа... – Яфімыч зрабіў шырокі жэст, маючы на ўвазе могілкі.
- Не турбуйцеся. Адтуль даслалі... э-э... іншага спецыяліста.
- Куды мне прызначана? – спытаў Яфімыч.
Гаўрыла зашамацеў паперамі.
- Занадта важны аб’ект. Морг горада Урупінска. Перавод ужо аформлены. Жадаю поспехаў.
Вымавіўшы гэта, Гаўрыла выпархнуў праз комін.
Яфімыч крочыў на панадворак скрозь сцяну і дастаў пачак “Беламора”. Закурыў.
На наступным тыдні анёл шостага ўзроўню Ёўлампій Яфімавіч Кадзілаў, спакаваўшы у сумку абрэз, патроны, стылет й выяву Божай Маці, пайшоў да чыгуначнае станцыі.

~Галоўная~ ~Творы~ ~Біяграфія~ ~Форум~ ~Mail~     
Hosted by uCoz