~Галоўная~ ~Творы~ ~Біяграфія~ ~Форум~ ~Mail~     

Тэкст узяты з Pavluhin-kiber.narrod.ru

Андрэй ПАУЛУХІН

ЦІ ІСНУЕ БЕЛАРУСКАЯ ФАНТАСТЫКА?
/артыкул/

На гэтае пытанне можна адказаць: "Так, існуе. Але яна падобная на стальнога пацука, які хаваецца ў падземных камунікацыях айчыннай літаратуры". Добра памятаю тыя часы (прыкладна, другую палову дзевяностых), калі недарэчна бадзяўся з уласнымі творамі (бадзяюся і зараз) па рэдакцыях літаратурных часопісаў, а мне сціпла казалі: "Паспрабуйце напісаць што-небудзь... больш рэальнае". Ва ўсім свеце фантастыка прызнана чытачамі і крытыкамі, мінула пара Гернсбека з яго класічнай формулай "75% навукі + 25% літаратуры", ніхто ўжо не лічыць пісьменнікаў-фантастаў несур'ёзнымі творцамі. Паўсюдна вядомыя імёны Лема, Дыка, Азімава, Стругацкіх, Гібсана. Чаму ж няма сярод іх ніводнага беларуса? Чаму гэты кірунак фактычна загнаны ў культурны тупік, разам з іншай "эксперыментальнай" (нягледзячы на трывалы падмурак стагоддзяў) прозай?
Паспрабую праліць святло.
Кожны творца, што спрабуе свае сілы ў фантастычным жанры рана ці позна сутыкнецца з наступнымі перашкодамі:

  1. Адсутнасць спецыялізаваных інтэрнет-рэсурсаў і часопісаў.
  2. Адсутнасць (за мізэрным выключэннем) спецыялізаваных кніжных серый.
  3. Адсутнасць (як абрыдла гэтае слова) жанравых прэмій ды канвентаў.

Наладзім экскурс у мінулае. Канец 80-х - пачатак 90-х гадоў. Спачатку выдаецца "Парус", потым - "Фантакрим-MEGA". Адкрываецца серыя "Бібліятэка прыгод і фантастыкі" ў выдавецтве "Юнацтва". Актыўна дзейнічае выдавецтва "Эрыдан". Гэты перыяд, як ні дзіўна, можна лічыць нашым "залатым векам". Дарэчы, "MEGA" меў наклад ажно ў сто тысяч асобнікаў (!). Дастаткова пералічыць імёны і творы: А. Якімовіч ("Эльдарада просіць дапамогі"), Л. Дайнека ("Чалавек з брыльянтавым сэрцам"), С. Трусаў (зб. "Карнавал"), В. Гігевіч ("Марсіянскае падарожжа"), М. Арэхаў і Г. Шышко (зб. "Заповедник для человечества", "Сумасшедшая книга"), В. Когут (аповесць "Побег с Грейви"), А. Патупа (зб "Нечто невообразимое", "Эффект лягушки", "Голая правда о голом короле"), Ю. Брайдэр і М. Чадовіч (зб. "Поселок на краю Галактики", "Патруль из Мезозоя", раман "Евангелие от Тимофея") і інш. З'яўляюцца і новыя таленавітыя аўтары: В.Сычэнікаў (зб. "Экстрасэнс"), Д.Падбярэзскі ("Уверцюра"), В.Няхай ("Умереть человеком"), Ул.Цвяткоў ("Все наши игры")... Росквіт. Рэнесанс. "Эрыданаўскія" кнігі выходзяць 50-тысячнымі накладамі, постсавецкая прастора пільна сочыць за цыклам "Евангелие от Тимофея", які чамусь выдаецца ў Расіі...
Росквіт беларускай фантастыкі скончыўся "пшыкам". Брэйдэра і Чадовіча амаль не ведаюць на радзіме, іхнія творы прадстаўляе чытачу маскоўскае "ЭКСМО". Маладыя пісьменнікі, якія клапоцяцца аб уласнай будучыні, пазіраюць у бок сеціва, Расіі ды Украіны.
Што адбываецца ў брацкіх краінах, у якім напрамку рухаецца там літаратурны цягнік?
Пералічу толькі некаторыя выдавецтвы, што ладзяць у сваёй тэкставай прасторы фантастычныя серыі: "ЭКСМО" ("Стальная крыса", "Российская Боевая Фантастика"), "АСТ" ("Звездный лабиринт"), "Азбука", "ОЛМА-ПРЕСС", "Армада" (усе - расійскія), "Сталкер" (Украіна). Часопісы: "Если", "Полдень, ХХI век", (галоўны рэдактар - Барыс Стругацкі), "Звездная дорога"; "Искатель", "Уральский следопыт", "Техника - молодежи", "Юный техник" ( маюць раздзелы, прысвечаныя фантастыцы). Досыць? Гэта, не ўлічваючы самвыдат. Штогод адбываюцца канферэнцыі, канвенты (коны), пісьменнікі атрымліваюць прэміі. У Пярмі - "Фэн-Дом", арганізаваны пермскім КАФ (клуб аматараў фантастыкі) "Салярыс"; у Валгаградзе - "Волгокон"; у Харкаве - "Звездный мост". Акрамя іх працягваюць функцыянаваць культавыя ўжо "Аэлита", "Интерпресскон", "Странник". Дзейнічае так званы Кангрэс фантастаў Расіі. Уручаецца прэмія "Филигрань". Ад часопіса "Если" - прыз чытацкіх сімпатыяў "Сигма-Ф". Сустракаюцца пісьменнікі і фэны, ладзяцца майстар-класы для пачынаючых аўтараў, ролевыя гульні.
Канечне, Расію і Беларусь цяжка параўноўваць. Вялікая тэрыторыя, шматлікае насельніцтва... Аднак - каб ніводнага парастка? Тая ж Польшча рэгулярна ўдзельнічае ў "Еўраконе", а па колькасці спецыялізаваных выданняў нават перагнала нашага вялікага брата. Адзін з апошніх "Еўраконаў" праводзіўся менавіта ў Польшчы...
У Маскве хутка з'явіцца кінастужка па кнізе С.Лук'яненкі "Ночной Дозор". Сам пісьменнік паведаміў, што вядучыя кінастудыі выкупілі правы ледзь не на ўсе ягоныя раманы. Нагадаю, што гаворка ідзе пра фантастыку, а значыцца - пра буйныя бюджэты і каштоўныя спецэфекты.
Вяртацца дамоў сумна. Не верыце - паспрабуйце прайсціся са сваімі творамі па рэдакцыях. Дзякуй богу, быў "Першацвет" (пішу ў мінулым часе) і ёсць "Маладосць", якая не баіцца рухацца насуперак усталяванай традыцыйнасці. І ўсё. Быццам змрочная зона, дзе цураюцца ўсяго новага. Надрукавацца, а тым больш зарабіць грошы - немагчыма. Зрабіць кнігу за ўласны кошт - колькі заўгодна.
Упэўнены - калі б нехта з выдаўцоў сур'ёзна ўзяўся за цалкам фантастычны праект (часопіс, альманах, альбо серыя), той бы ў будучым акупіўся.
А пакуль - пустата, аздобленая рэдкімі галасамі крытыкаў, якія не бачаць розніцы паміж фэнтэзі і кіберпанкам. І чытачы, што набываюць у крамах чужы.
2004

~Галоўная~ ~Творы~ ~Біяграфія~ ~Форум~ ~Mail~     
Hosted by uCoz