Тэкст узяты з Pavluhin-kiber.narrod.ru
Андрэй ПАУЛУХІН
ДЫЯЛОГ НЕРАЗУМНЫХ СІСТЭМ
Філасафема
Ад Крымскага Броду ён збочыў па беразе. Хутка дайшоў да таго месца, дзе стаяла лодка з прывязанымі да калочкаў вёсламі, ускочыў у яе, трымаючы ў руках дзве цагліны і Муму. Адпіхнуўшыся, пачаў грэбці. Ззаду нейкі стары бязгучна варушыў вуснамі. Гарасім азірнуўся і ветліва кіўнуў. І, зноў узяўшыся за вёслы, скіраваў лодку супраць плыні.
Ён усё гроб і гроб. Вунь ужо Масква засталася за спінай. Пацягнуліся сенажаці-гароды, падзеленыя стужкай ракі. Гарасім быў моцным мужыком, загартаваным ралой, пакосамі й нялёгкім рамяством дворніка. Вёслы магутна рассякалі водную гладзь. Заўсёдная маўклівасць надавала ўрачыстую важнасць яго працы.
Муму, як і раней, трымала паўзу.
“Сучка”, падумаў Гарасім, і быў недалёкі ад ісціны. У рэшце рэшт, ён вырашыў загаварыць першым:
- Дык на чым мы спыніліся?
- На вечных прадметах-с, - ахвотна падказала жывёліна.
- Слушна, - Гарасім працягваў раўнамерна рухаць вёсламі. Цагліны злавесна чырванелі на днішчы. – Для вечнага прадмета не існуе часу – ён жыве ў трохмернай прасторы.
- Я б не сказала, што ён жыве, - паправіла Муму. – Хутчэй мае быць. Ён – заўжды. Аднак не ўспрымае быццё, з прычыны таго, што неразумны.
- Паўгадзіны таму мы размаўлялі пра шматмернасць, а зараз вярнуліся да банальных даўжыні-шырыні-вышыні! – абурыўся Гарасім. – У дадатак ты сцвярджаеш, што вечны прадмет не можа быць разумным!
- Розум і вечнасць не сумяшчальныя, - згодна кіўнула Муму. – Я дакажу гэта ў адзін момант. Дарэчы – што ты разумееш пад розумам?
- Вось Капітон надоечы зноў п’яны быў-с, - ні ў сеч ні ў печ ляпнуў Гарасім. – Забубенны чалавек-с.
- Ведаем, ведаем, па слабасці здароўя, - стомлена мармытнула Муму. – Але чаго тычыцца гэты аргумент-с?
- Капітон – недачалавек-с! – абвясціў Гарасім. – А вось пані распавядае, быццам ёсць звышлюдзі. У вышэйшай ступені разумныя індывіды.
- Яе ніцшэанства ўжо нагнала аскоміну, - адмахнулася Муму. – Пошла-с. Уся гэтая дастаеўшчына, Напалеон, умярцвёныя бабулькі... Сам як уяўляеш дадзеную катэгорыю?
Гарасім задумаўся.
Рыпелі вёслы, чуўся ціхі пляск. Пахла вёскай. Гарасім распрастаў волатаўскія плечы, удыхнуў водар бярозавых гаёў і адказаў:
- Душа ёсць творчы працэс, актыўнасць. Чалавечы дух заўжды павінны сябе трансцэндаваць, узнімацца да таго, што вышэй за чалавека .
- Усё ж, магчыма, што чалавек дагэтуль вякамі надта шмат дзейнічаў і надта мала мысліў . Гэта бачна на тваім прыкладзе, - Муму пачухала правае вуха левай задняй лапай, што выдавала яе надзвычайную пагарду. – На цябе наклалі адбітак гады сельскагаспадарчых работ.
- Мысленне – рудымент, апендыкс Вечнасці, - прамовіў Гарасім, крыху счакаўшы. – Гэта вынікае з тваіх словаў.
- Так, - кіўнула Муму.
- Але як, скажы калі ласка, вечны прадмет асэнсуе сваю неардынарнасць, не будучы разумным? – Гарасім падналёг на вёслы.
- А гэта й не трэба. Ён вечнае апрыёры, вечны ў якасці філасофскай катэгорыі, не больш і не менш. Аднак, калі сумясціць згаданы ўмоўны аб’ект са свядомасцю, як такой, распачнецца працэс разлажэння. Памірання, калі хочаш. Розум усведамляе канчатковасць й пачатковасць усяго сутнага, уплятае сябе ў структуру заганнага круга, абрастае канструкцыямі накшталт перасялення душ, нірваны, пекла і раю – усё. Набываючы мэты і сэнсы, мы губляем бяссмерце.
- Труп – ідэальна вечны прадмет, - падвёў рысу Гарасім, перастаўшы грэбці.
Праз хвіліну пачуўся ціхі ўсплёск...
2003
|